ПРАЦО́ЎНАЯ ТЭРАПІ́Я,

працоўная дзейнасць хворага чалавека з лек. мэтай або з мэтай рэабілітацыі.

Пашырана пры лячэнні псіхічна хворых, накіравана на развіццё або захаванне ў іх прафес. навыкаў; стымулюе жыццёвыя працэсы, умацоўвае інтэлектуальна-валявыя якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі рэальнасці, вызваляе хворага ад адчування асабістай непаўнацэннасці. П.т. выкарыстоўваюць таксама ў траўматалогіі, артапедыі, неўралогіі, дзе яна накіравана на аднаўленне парушанай рухальнай функцыі і працоўных навыкаў (напр., пры паралічах, паркінсанізме, плексітах).

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)